Ласінымі сцежкамі

У апошні месяц восені ў адной з вялікіх і прыгожых жывёл нашых лясоў — лася — не самы лёгкі перыяд. Сахатых, як называюць у народзе ласёў, паднімаюць з лёжкі загоншчыкі, па іх слядах бягуць сабакі, пільнуе прыцэл стрэльбы — ідзе сезон паляванняў. Гэтая моцная і хуткая жывёла не баіцца ваўка, не спыняецца перад глыбокай вадой і лёгка пераносіць пякучыя маразы. Але самая вялікая небяспека для магутнага лася — усё ж такі чалавек. Таму сахаты шукае глухія і бязлюдныя куточкі.






Убачыць лася можна здаля альбо засцігнуць знянацку перад досвіткам на зялёнай канюшыне ці на рапсавых палях, калі ён спакойна сілкуецца. Выключныя слых, нюх і зрок робяць яго неверагодна асцярожным і недасягальным. Нават у час гону, калі самцы губляюць пільнасць, перахітрыць гэтых жывёл няпроста. Таму зрабіць удалы кадр лася з блізкай адлегласці — сапраўдны поспех для фотапаляўнічага, якому даводзіцца праходзіць школу вытрымкі і цярпення, дасканала вывучаць звычкі “мадэлі”, умець скрытна набліжацца альбо падоўгу чакаць у засадзе. У гэтакіх выпадках спяшацца не выпадае. Адзін недарэчны рух — і жывёла, адчуўшы штосьці нядобрае, паспяшаецца ў бліжэйшыя зараснікі…

Пасля бурнага шлюбнага перыяду ласі зноў збіваюцца ў статкі і іх можна назіраць на кармавых палях. Тут і старыя самцы з прыгожымі каронамі рагоў, і спічакі — маладыя самцы з адным альбо двума адросткамі рагоў, і самкі з ласятамі-сегалеткамі. Здымкі для гэтага рэпартажу зроблены на Браслаўшчыне. Аднойчы на рапсавым полі я налічыў пятнаццаць ласёў і з таго часу наведваюся ў гэтыя мясціны кожны год. Стаў падмячаць, што з наступленнем цёмнага часу жывёлы выходзяць на свае ўпадабаныя месцы, уволю наядаюцца, адпачываюць. У лістападзе дзень кароткі, шэры, часта без сонца, таму сахатых можна ўбачыць на полі не толькі ноччу. Умеючы падкрадвацца бясшумна, ёсць шанс наблізіцца да іх на адлегласць фотавыстрала — усяго на 30—40 метраў.

Непараўнальнае пачуццё адчуваеш, калі разглядаеш праз аб’ектыў фотаапарата “буйны” ласіны план! Не спяшаюся націскаць на кнопку затвора, чакаю, калі ласёвыя губы пацягнуцца да вербалозу, пачнуць скубці яго. Ружовае сонца дапамагае ўбачыць жывыя цёмна-карычневыя вочы, поўсць з зімовым падшэрсткам, светлыя шурпатыя рогі яшчэ маладога самца…

Максім Вечар, infong@sb.by

Фота аўтара

Комментарии и уведомления в настоящее время закрыты..

Комментарии закрыты.