Цяжкасці перакладу

Перакладчыку Юрыю Жалезка 55 гадоў. Здаецца, усяго гэтага тэрміну не хопіць, каб знайсці агульную мову з больш чым 3 мільярдамі жыхароў нашай планеты. Але мінскаму паліглоту шмат часу не спатрэбілася: ужо на момант заканчэння ўніверсітэта ён мог свабодна размаўляць на 10 мовах. Сёння Юрый Барысавіч выкладае і займаецца перакладамі: дзякуючы яму на беларускай мове загаварылі Карлсан і героі казак Андэрсэна.




Фота аўтара

З-за дзвярэй даносіцца замежная мова. Значыць, прыйшла па адрасе. Націскаю на званок. На парозе мяне сустракае Юрый Барысавіч. У кватэры ідзе тэлевізар — нямецкі канал.

— Найлепшы сродак для вывучэння мовы, — усміхаецца гаспадар, праводзячы мяне ў залу. — Яшчэ радыё вельмі дапамагае.

Зрэшты, здаецца, Юрый Барысавіч некалькі хітруе: увесь пакой застаўлены кнігамі. Акуратным стосам на стале — яго пераклады са шведскай, англійскай, нарвежскай і іншых моў. Праца над адной кніжкай у трыста-чатырыста старонак займае каля трох месяцаў, распавядае ён:

— Перакладаў і тэхнічныя тэксты, і навуковыя — па сацыялогіі, паліталогіі, філасофіі. Зараз займаюся мастацкімі творамі для дзяцей — гэта мне бліжэй за ўсё. Вельмі адказны занятак, бо дзецям патрэбна толькі якасная літаратура.

У дзяцінстве Юрый Жалезка не мроіў пра паступленне ў лінгвістычны інстытут. Тата — выкладчык тэхнічнай ВНУ, навучаў студэнтаў прамудрасцям рухавіка ўнутранага згарання, мама — урач. Замежнымі мовамі ў сям’і ніхто не захапляўся. З ранніх гадоў Юрый марыў стаць біёлагам: дома ў яго жылі птушкі, а яшчэ была калекцыя кактусаў, якую ён сабраў сам. Пераломны момант наступіў у 15 гадоў: хлопцу трапіў у рукі выпуск часопіса “Навука і жыццё”, дзе быў артыкул пра савецкіх паліглотаў, у тым ліку пра Андрэя Залізняка, які ведае больш за 40 моў. Чым не прыклад для пераймання? Юрый загарэўся. Спачатку ўзяўся за вывучэнне англійскай мовы — яе выкладалі ў школе:

— Узровень валодання ёю на той момант быў блізкі да нуля: я проста не разумеў, пра што ідзе размова на ўроку.

Каб гэта выправіць, хапіла летніх вакацый. Пакуль равеснікі ганялі мяч у двары ды доўгімі вечарамі спявалі песні пад гітару, будучы паліглот “зачыніў” сябе ў чатырох сценах. Вучыў мову сам, без старонняй дапамогі — па падручніках. Іх ён даставаў дзе толькі можна: вышукваў у бібліятэках, крамах, пазычаў у знаёмых.

— За лета ў мяне атрымалася засвоіць мову. Вядома, трэба было яшчэ шмат чаго давучыць, але я як мінімум стаў разумець усё, што казала настаўніца. Яна заўважыла гэтую змену.

Першы поспех заклаў добры пачын. Школьнік пачаў пакараць новую вяршыню — нямецкую мову. Даведаўся пра курсы і, не раздумваючы, запісаўся. Ці варта казаць, што мова Гётэ і Гегеля была пераможана яшчэ да заканчэння школы? А па англійскай, пры паступленні ў лінгвістычны ўніверсітэт, абітурыент Жалезка атрымаў найвышэйшую тады адзнаку — “пяць з плюсам”. Дарэчы, вучыцца пайшоў на кафедру французскай мовы — яе не ведаў, але ўлюбіўся ў гучанне пасля прагляду ўрокаў па тэлевізары і праслухоўвання радыё.



Фота Таццяны Сталяровай

У лінгвістычным універсітэце да вывучэння замежнай мовы схіляла сама атмасфера. Былі засвоены шведская, італьянская… Да выпускных экзаменаў — ужо дзесяць моў. А потым яшчэ іспанская за два тыдні: пасля ВНУ размеркавалі працаваць выкладчыкам французскай, англійскай і іспанскай моў, а апошняй Юрый Барысавіч не ведаў. Вось і давялося вывучаць экстэрнам. Зрэшты, для паліглота гэта адэкватны тэрмін, але засвоіць за такі час першую замежную мову немагчыма, лічыць Юрый Жалезка. Да розных экспрэс-курсаў, якія сёння актыўна рэкламуюцца, ён ставіцца скептычна:

— Вядома, калі ёсць пэўная база, новая мова даецца лягчэй. Але ў любым выпадку гэта цяжкая праца. Напрыклад, словы я запамінаю  наступным чынам: чытаю кнігу і выпісваю з яе ў сшытак усе незнаёмыя словы — іншы раз атрымліваецца па 30—40 старонак. Потым завучваю іх, праз некаторы час паўтараю. Пасля гэтага зноў бяру ў рукі кнігу — зараз усё павінна быць зразумела.

Жалезка ўпэўнены, што галоўнае ў вывучэнні мовы — воля і мэтанакіраванасць. Здольнасці таксама неабходны, тая ж добрая памяць, але ўсё ж гэта невырашальны фактар. Сваю формулу поспеху ён вывеў яшчэ 40 гадоў таму — у тыя самыя гады, калі падлеткам вучыў англійскую мову:

— Спачатку трэба прайсці 7—10 падручнікаў — не менш. Пасля можна прыступаць да таго, каб слухаць замежную мову: радыё, тэлеперадачы. Потым трэба знайсці суразмоўцу і практыкаваць з ім вусную мову.

На лічбе 18 паліглот плануе спыніцца. Апошняй мовай стала ірландская. Юрый Барысавіч паказвае мне добры падручнік па ім … на польскай!

— Мяне зацікавіла культура Ірландыі, а мова — адзін з элементаў яе вывучэння. Ірландская мова падобная на беларускую ў тым сэнсе, што ёю карыстаецца толькі частка насельніцтва краіны — не больш за 20 адсоткаў, каля 500 тысяч чалавек, астатнія гавораць на англійскай. Гэта адна з трох кельцкіх моў, яна практычна знікае. Так што я вырашыў яе вывучыць, так сказаць, для калекцыі.

У гэтай самай калекцыі ёсць некалькі цікавых “экспанатаў” — напрыклад, эсперанта. А яшчэ Юрый Жалезка свабодна гаворыць на літоўскай і латышскай. У цэлым ён валодае амаль усімі еўрапейскімі мовамі, а таксама адной усходняй — кітайскай:

— Яна мне далася цяжэй за ўсе. На яе вывучэнне сышло каля года, і мне ёсць яшчэ над чым працаваць: я добра разумею, што гавораць па тэлевізары, але вось пагаварыць з носьбітам мовы пакуль не даводзілася. Складана даюцца іерогліфы, дакладней, іх напісанне. Усяго іх больш за 5000. Але досыць ведаць 2000—3000. У інтэрнэце карыстаюцца пераважна лацінскай транскрыпцыяй кітайскай мовы.

Прыклад паліглота натхніў яго сваякоў: пляменнік і стрыечны брат таксама паступілі ў лінгвістычную ВНУ, дачка адвучылася на філолага. Праўда, кожны пайшоў сваім шляхам: лінгвістам ніхто з іх не стаў. Толькі Юрый Барысавіч усё жыццё адданы любімай справе: пасля адпрацоўкі выкладчыкам рабіў пераклады ў Акадэміі навук, Цэнтры Францыска Скарыны. Шмат падарожнічаў — давялося наведаць з дзясятак краін. Але прызнаецца: патрыёт — заўсёды цягнула дадому, пераязджаць і ў думках не было:

— Тут я аддаю свае веды людзям, прыношу карысць. Мне падабаецца тое, чым я займаюся.

Сёння Юрый Барысавіч выкладае і робіць пераклады: дзякуючы яму на беларускай мове загаварылі Карлсан, героі казак Андэрсана і іншых скандынаўскіх пісьменнікаў. На яе Жалезка перакладае замежную прозу і паэзію, на ёй жа піша ўласныя вершы — выйшла ўжо шэсць зборнікаў.

— Безумоўна, хацелася, каб больш людзей у нашай краіне размаўлялі на беларускай мове. Але тут кожны вырашае сам. Вядома, добра было б, калі б яна часцей гучала з тэлевізараў і радыёпрыёмнікаў, каб людзі больш знаходзіліся ў беларускамоўным асяроддзі, адчувалі, што мова жыве. Але пакуль што я, на жаль, такой тэндэнцыі не назіраю.

Напрыканцы прашу ацаніць з пункту гледжання эксперта, наколькі прыгожая наша родная мова на фоне астатніх? Паліглот адказвае без роздумаў:

— Вельмі прыгожая і мілагучная. Без якіх-небудзь параўнанняў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Автор публикации:
Валерия ГАВРУШЕВА

Комментарии и уведомления в настоящее время закрыты..

Комментарии закрыты.