Каробчыцы як казка

Гэтае ўнікальнае месца за сем кіламетраў ад Гродна наведвальнікі называюць казкай. Агратурыстычны комплекс “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы” ў выхадныя дні наведвае каля трох тысяч чалавек. Але і ў будні ён не пустуе. А пачыналася будаўніцтва аб’екта, стылізаванага пад сядзібу XIX стагоддзя, трынаццаць гадоў таму. Тут была закінутая, парослая хмызняком тэрыторыя са сметнікам бытавых адходаў. З будынкаў — паўразбураная ветэрынарная лякарня.


Перспектыву ўзвядзення арыгінальнага комплексу ўбачыў генеральны дырэктар Гродзенскага мясакамбіната Анатоль Грышук. Распавядае, што хацелася стварыць на Гродзеншчыне куток, які не саступаў бы замежным турыстычным аб’ектам, да таго ж асабліва прывабны нацыянальным каларытам. Акультурваць гэтае месца паблізу вёскі Каробчыцы тады камандзіравалі самых умелых работнікаў рамонтна-будаўнічага цэха. Будаўніцтва ішло за сродкі прадпрыемства. За аснову быў узяты стыль панскага маёнтка XIX стагоддзя. Назву падабралі адпаведную — “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”. А паколькі ні адна сядзіба таго часу не абыходзілася без коней, галоўным нумарам зрабілі стайню з пародзістымі скакунамі. Тэрыторыю парку падзялілі на дзве часткі — пешаходную і запаведную. Дарэчы, туды, дзе пакінулі першародны прыродны краявід, сёння турыстаў дастаўляюць на сапраўдным дыліжансе. Па ўсім парку абсталяваны ў вольным доступе вальеры з дзікімі і свойскімі жывёламі. Прычым трусы, паўліны і нутрыі, на радасць дзятве, атрымалі прывілей гуляць па “маёнтку” свабодна.

Кузня, домік разьбяра па дрэве, музей прыроды, дзіцячая гульнявая пляцоўка, казачны сквер Усмешкі — усё гэта элементы комплексу. Вядомыя “Каробчыцы” таксама сваёй фірменнай кухняй, у якую ўваходзяць, акрамя брэндавых беларускіх далікатэсаў, стравы з дзічыны і ўласны ліцэнзійны самагон — “Крамнёўка”.

Упершыню комплекс “Каробчыцы” прыняў турыстаў у 2007 годзе. Не першы раз еду сюды, і заўсёды адкрываю гэтае месца па-новаму.

Мой гід Настасся паказвае шыкоўны карэтны двор, дзе ўжо больш за дзясятак стылізаваных пад даўніну “транспартных сродкаў”. Фантазіі няма межаў. Нядаўна, напрыклад, гэты арыгінальны парк папоўніў элемент казкі “Па шчупаковым загадзе”. Знакамітую рускую печку ў “Каробчыцах” паставілі на колы. Яна надта папулярная зімой, калі з коміна ідзе сапраўдны дым, а пасажыраў апранаюць у кажухі і кажушкі — у залежнасці ад узросту.

Што ж прывабнае ў “Каробчыцах”? Абсалютна ўсё! Мой экскурсавод пачынае са стайняў:

— Спачатку, дзеля спартыўнага інтарэсу, купілі некалькі коней. Выкарыстоўвалі іх у асноўным як забаўку: летам коней запрагалі ў брычку, а зімой — у сані і каталі наведвальнікаў сядзібы. Паступова наша маленькая стайня дарасла да коннаспартыўнага комплексу “Амадэус”. Ёсць тры манежы, дзе круглы год праводзяцца заняткі па верхавой яздзе, а летам — і спаборніцтвы па канкуры, якія ўжо дараслі да рэспубліканскага ўзроўню.



Каралева ў выкананні народнага майстра Беларусі Анатоля Туркова атрымалася як жывая.

Нават не з’яўляючыся знаўцам конскіх парод, міма такіх вараных не пройдзеш. Даведваюся, што гэта гонар стайні, фрызская парода, выведзеная ў Нідэрландах у XVI стагоддзі. Адрозніваецца ад астатніх коней сваімі фрызамі, то бок варсінкамі, якія знаходзяцца над капытамі. Гэтых коней па-іншаму яшчэ называюць “чорнымі жамчужынамі”. Усяго ж у “Каробчыцах” 38 парнакапытных, уключаючы ўлюбёнцаў дзятвы — вослікаў.

Сувенір на памяць можна купіць у стылізаваным лямусе.

— А вось за гэтымі дзвярыма вырабляецца наша “Крамнёўка”. Турыстам, на жаль, туды ўваход забаронены, бо гэта, па сутнасці, адзін з вытворчых цэхаў. Медавуху ж вараць на верхнім паверсе рэстарана “Замак Зяваны”, — тлумачыць Настасся.

Арыгінальныя драўляныя скульптуры, якія расстаўлены па ўсім комплексе, заўсёды прыцягваюць увагу. Гэта спадчына міжнародных пленэраў разьбяроў па дрэве, якія вось ужо восем гадоў прымае “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”. Мне пашанцавала трапіць сюды ў момант правядзення сёлетняга, які сабраў умельцаў з Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы і Беларусі. Ішоў сёмы, апошні, дзень працы, і закончаныя скульптуры ўжо сталі ў рад на суд журы і гледача. На гэты раз тэмай пленэра сталі народныя казкі розных краін. У “Каробчыцах” літаральна за тыдзень нарадзіліся Дзядзька Чарнамор, Вадзянік, Нільс, 12 братоў-крумкачоў, брэменскія музыкі.

Літоўскі майстар Антанас Ластаўскас распавёў пра свой выбар:

— Мы выраслі ў СССР, усе памятаем і любім добрыя савецкія мультфільмы і казкі. Я абраў творчасць братоў Грым, казку пра 12 братоў, пераўтвораных злой мачахай у крумкачоў і выратаваных сястрой, якая вучыць любіць сваю сям’ю. Мой калега Юозас Відэйка ўвасобіў у скульптуры любімых многімі брэменскіх музыкаў. Тут усё спрыяе творчасці.

За дзевяць гадоў “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”, які заслужана называюць славутасцю Гродзеншчыны, акупіў укладзеныя ў непрывабную тэрыторыю сродкі. Аднак, кажа генеральны дырэктар ААТ “Гродзенскі мясакамбінат” Анатоль Грышук, задумка значна глыбей. Калі паднялі пласты гісторыі той тэрыторыі, дзе вырас комплекс, вырашылі ўвекавечыць яе вехі. Бо тут, у прымежжы, перапляліся ніткі дзвюх войнаў — Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай. У 2011 годзе быў адкрыты аб’ект, які мае патрыятычнае значэнне — гісторыка-культурны комплекс “Гродзенская крэпасць. Партызанскі лагер”. Мемарыял ствараўся пры падтрымцы ветэранаў, у цесным супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А асноўным ваенным кансультантам стаў падпалкоўнік у адстаўцы Іван Паўлавіч Бохан — старшыня Гродзенскай абласной ветэранскай арганізацыі, былы партызан. Дзякуючы сумеснай працы і быў створаны прыкладны ўзор партызанскага лагера.

А год таму побач, на месцы баявых умацаванняў часоў Першай сусветнай, была асвечана капліца са Спісам іконы Аўгустоўскай Божай Маці. Паводле падання, тут Багародзіца з’явілася воінам у вячэрнім небе ў верасні 1914 года. Гістарычна пацверджана, што натхнёныя войскі тады перайшлі ў наступленне і перамаглі.

Аднойчы пабываўшы ў “Каробчыцах”, сюды звычайна вяртаюцца. Дарэчы, каб цалкам адпавядаць іміджу беларускай казкі, тут ужо пачалі будаваць сваё “Лукамор’е”.

Алена СЯМЁНАВА, semenova_gr@mail.ru

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Комментарии и уведомления в настоящее время закрыты..

Комментарии закрыты.