Сваё жыццё гродненка Злата Шпак звязала з шакаладам: дзіцячая любоў да гэтага ласунку з часам перарасла ў сапраўднае мастацтва. Юная шакалацье з Гродзенскага дзяржаўнага прафесіянальнага тэхналагічнага каледжа пры падтрымцы сваёй каманды нядаўна пакарыла свет: упершыню наша вучаніца абышла многіх прафесіяналаў і стала ўладальніцай срэбнага медаля на Сусветнай кулінарнай алімпіядзе ў нямецкім Эрфурце.
Фота аўтара
Я заспела Злату за працай у вучэбнай лабараторыі: пад кіраўніцтвам свайго педагога Алены Горбач яна карпела над вытанчанай кветкай лілеі. Не здагадалася б, не ведаючы загадзя, што яна на самой справе шакаладная і лёгка можа растаць у роце. А побач на стале, ужо без брыля, стаяў на рэстаўрацыі той самы шакаладны дзед “Шчодрык”, які прынёс срэбра Злаце, каледжу і ўсёй краіне на прэстыжным сусветным кулінарным конкурсе.
Над вобразам шчодрага беларуса, які пакарыў журы, Злаце пры падтрымцы педагогаў давялося папрацаваць амаль паўгода. За аснову быў узяты абрад Шчодрык, уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Над вобразам шчодрага беларуса,
які пакарыў журы, Злаце давялося папрацаваць амаль паўгода.
— Цяжэй за ўсё было стварыць вочы дзеда, у якіх адлюстраваліся тыя самыя шчодрасць, дабрыня і шчырасць. Важнымі былі ўсе дэталі: і нацыянальная вышыванка, і кола як сімвал міру і сонца. У цэлым тут выкарыстана 11 тэхнік працы з шакаладам, — распавядае Злата.
Гэта быў самы грандыёзны конкурс у яе жыцці. У алімпіядзе ўдзельнічалі прадстаўнікі больш як з 60 краін, нашы кандытары прыехалі туды ўпершыню. Злаце, адзінай вучаніцы сярод прафесіяналаў, трэба было змагацца ў намінацыі індывідуальных удзельнікаў, а іх налічвалася каля дзвюх тысяч.
У свае дзевятнаццаць яна атрымала ўзнагароду, пра якую могуць марыць усе шакалацье свету. У руках дзяўчыны і сертыфікат для навучання кандытарскаму майстэрству ў швейцарскай акадэміі шакаладу Barry Collebaut. Заваявала яго Злата Шпак на Міжнароднай выставе хлебапякарнага і кандытарскага рынку Modern Bakery Moscow. Упершыню ў такім прэстыжным конкурсе ўдзельнічала настолькі юная пасланніца Беларусі, і гродзенская шакалацье стала абсалютным пераможцам у юніёрскай намінацыі “Лепшы выраб з шакаладу”, прадставіўшы на суд міжнароднага журы фантазійную кампазіцыю на вольную тэму, навеяную… упадабаным фільмам.
— Ідэю тады падказала меладрама “Ён — цмок”, якая вельмі мяне ўразіла. Тут супрацьставяцца чыстыя пачуцці і цёмныя сілы. Таму і мая конкурсная кампазіцыя была з белага і чорнага шакаладу як вобразная ілюстрацыя да сюжэту, — кажа Злата.
— На залаты медаль у намінацыі “Лепшы выраб з шакаладу” прэтэндавала восем удзельніц, прычым некаторыя ўжо мелі вопыт у прафесіі і нават уласныя кандытарскія. За дзве гадзіны трэба было стварыць шакаладную кампазіцыю, пры гэтым пастарацца паказаць розныя тэхнікі ў працы. Журы пільна назірала за канкурсанткамі, у іх ацэначных аркушах было шмат пазіцый, па якіх затым і вызначаўся агульны вынік, — расказвае намеснік дырэктара каледжа Ірына Брушко, якая суправаджала сваю таленавітую вучаніцу на конкурс.
Вядома, Маскву гродненка заваявала не знянацку. Будучы повар-кандытар туды адправілася, ужо маючы золата рэспубліканскага конкурсу прафесіянальнага майстэрства WorldSkills у намінацыі “Кандытарская справа”.
— А які быў самы першы конкурс, дзе ты адчула, што можаш “смачную” прафесію ператварыць у сапраўднае мастацтва? — цікаўлюся ў юнай уладальніцы столькіх узнагарод.
— Абласны, я павінна была аформіць на вачах у членаў журы торт каралеўскай глазурай. Нягледзячы на хваляванне, усё атрымалася, мяне заўважылі.
Кажуць, што з любоўю да кандытарскага мастацтва трэба нарадзіцца, інакш, як ні старайся, а шэдэўр не атрымаецца. Аднак Злата прызнаецца, што да паступлення ў каледж яна не стварала ў сябе на кухні такія далікатныя ласункі:
— Напэўна, гэтая любоў спакваля перадалася ад бабулі Ганны Антонаўны, якая дзівосна гатуе, а галоўнае, робіць гэта з душой. Прыйшоў і мой час паспрабаваць сябе ў такім майстэрстве. Атрымалася.
Злата кажа, што, калі з’явіцца свая сям’я, з задавальненнем будзе стаяць ля пліты. Але пакуль шакалацье, якая ўжо набыла вядомасць, мае намер удасканальвацца:
— Паступаючы ў каледж, я і не меркавала, што мая будучая прафесія дапаможа ўбачыць свет.
Расія, Чэхія, Германія — краіны, у якіх яна змагла пабываць толькі ў гэтым годзе. З захапленнем успамінае Прагу, куды ў ліку педагогаў і навучэнцаў каледжа трапіла дзякуючы адной з адукацыйных праграм, што адкрыла дарогу і на Сусветную кулінарную алімпіяду:
— Мы пабывалі ў навучальных установах, дзе рыхтуюць спецыялістаў для сферы грамадскага харчавання, рэстараннага і гасцінічнага бізнесу. Уразіў іх узровень і тое, што гэтыя прафесіі за мяжой настолькі прэстыжныя.
Нашу гутарку аб прафесійным прэстыжы падтрымлівае дырэктар каледжа Леанід Бялей:
— Мы стараемся выкарыстоўваць любую магчымасць пракласці таленавітым вучням дарогу да вяршыняў прафесійнага майстэрства, знаходзім сродкі, каб адправіць на майстар-класы, конкурсы. Вядома, прыемна, калі нашы выхаванцы атрымліваюць такія значныя для ўсёй краіны перамогі. Хачу заўважыць, што ў іх укладзена і праца педагогаў.
Гродненка, якую ўжо гатовыя прыняць на працу многія рэстараны горада, лічыць, што яна толькі ступіла на шлях сваёй незвычайнай прафесіі. Цяпер яна збіраецца на майстар-клас лепшага маэстра-шакалацье Іспаніі Ханса Аванда. І гэта стане добрым урокам па падрыхтоўцы да сусветнага чэмпіянату WorldSkills у сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі, дзе ў наступным годзе юная шакалацье з Гродна прадставіць нашу краіну.
Пра ўзлёт, які ёй прынесла ў жыцці майстэрства, Злата гаворыць з доляй рамантыкі:
— У творчасці шакалацье ёсць нешта незвычайнае, я нават сказала б, чароўнае. А казка можа спраўдзіцца, калі ў яе верыш.
У ТЭМУ
Прафесія шакалацье распаўсюдзілася ў XIX стагоддзі, калі шакалад стаў цвёрды, да гэтага яго толькі пілі. Ласунамі па праве можна лічыць французаў. Толькі ў калядныя дні яны з’ядаюць 36 тысяч тон шакаладу, што ў 4 разы перавышае вагу Эйфелевай вежы. Больш за ўсё цяпер гэтага салодкага прысмаку вырабляецца ў Бельгіі — больш за 170 тон у год. Гэты шакалад лічыцца сапраўдным, паколькі ў ім у прынцыпе не бывае раслінных тлушчаў. “Шакаладная сталіца” Бельгіі — горад Бруге, тут размешчаны Музей гісторыі шакаладу Choco-Storу і больш за ўсё шакаладных буцікоў, а ўсяго па краіне іх звыш 2000. Тут пад кіраўніцтвам дасведчанага майстра можна самім паспрабаваць вырабіць шакаладныя шэдэўры.
У мінулым годзе ў Віцебску адкрыўся першы ў Беларусі музей шакаладу. Цяпер кожны жадаючы можа пабываць у салодкай краіне, пра якую марыў у дзяцінстве.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор публикации:
Елена СЕМЕНОВА