Вясковы абаронца

З даўніх часоў жыхары вёскі Міхайлаўка Светлагорскага раёна лічаць сваім нябесным апекуном архангела Міхаіла. Тут захаваўся ахоўны абрад пераносу абраза з выявай архістратыга. 21 лістапада (у народзе гэты дзень называюць Міхайлавым альбо восеньскім Міхайлам) абраз выносяць з адной хаты і пад урачыстыя праводзіны ўсіх жыхароў вёскі пераносяць у другую, дзе ён будзе захоўвацца цэлы год да наступнага Міхайлавага дня.

Звычай пераносу абраза альбо абраза са свечкай у старажытныя часы быў вельмі распаўсюджаны — амаль у кожнай вёсцы ў свой прастольны дзень выконвалі гэты сімвалічны рытуал. Яшчэ да вайны жыхары многіх беларускіх вёсак захоўвалі сакральную традыцыю, асабліва ва ўсходніх рэгіёнах — Падняпроўі і Пасожжы, на усходзе Міншчыны. “Пераносяць абразы” ў Варварын дзень, у дзень Казанскай Божай Маці і дзень Святога Міколы, на Юр’я, Святую Ганну, Ушэсце, Успенне… Але найбольш часта гэты абрад ладзяць у гонар архангела Міхаіла — абаронцы і заступніка ад бяды. Аднак зараз такая традыцыя захоўваецца толькі ў лічаных населеных пунктах.

Некалі і ў Міхайлаўцы быў перарваны гэты звычай. У час вайны вёску спалілі. У полымі ў адной з хат загінула і вясковая святыня. Вёска паволі аднавілася, а вось старажытны абрад так і не адраджаўся. Думалі, згубілі яго назаўсёды. Але больш чым праз паўстагоддзя міхайлаўская традыцыя ўваскрэсла. Шмат намаганняў дзеля гэтага прыклалі мясцовыя работнікі культуры, дапамаглі ўспаміны старажылаў. І вось сёлета ўжо ў дваццаць першы раз у Міхайлаўцы панеслі абраз — як і належыць, урачыста, святочнай працэсіяй па ўсёй вёсцы.

— Мы звярнуліся да мясцовага мастака, каб ён па ўсіх канонах намаляваў абраз архістратыга (анёла-воіна), асвяцілі яго ў царкве і сталі працягваць дзедаўскую традыцыю, — распавядае Наталля Мароз, дырэктар сельскага Дома культуры. — Паколькі ў Міхайлаўцы царквы няма, наша ўстанова замяняе храм у час выканання абраду.

Гэтым разам вясковага Міхайлу перанеслі ў дом старэйшай жыхаркі Лідзіі Белай. Яна ўсё жыццё чакала гэтага моманту, верыла, што абраз вернецца, маліла, каб міхайлаўская святыня аказалася на парозе яе хаты. На твары — слёзы радасці. У гэтым доме нарадзіліся яе пяць дачок і сын, сюды прыязджаюць сямнаццаць унукаў і дваццаць два праўнукі. За іх здароўе і дабрабыт аба Ліда будзе кожны дзень маліцца перад абразом духоўнага вясковага апекуна.

Максім Вечар

infong@sb.by

Автор фотографии:
автора

Комментарии и уведомления в настоящее время закрыты..

Комментарии закрыты.