З эканамістаў — у артысты

Сёння на Міншчыне распачынаецца юбілейны, дзясяты, абласны фестываль народных тэатраў “Бярэзінская рампа”. Скептыкі, напэўна, заўважаць — чарговы агляд самадзейнасці. У параўнанні з фестывальным тыднем Нацыянальнай тэатральнай прэміі, які праходзіць зараз у сталіцы, магчыма. Але нават калі так, што тут дрэннага? Людзі занятыя справай, у іх ёсць аддушына, да таго ж іх захапленне прыносіць радасць іншым.

Тым, хто не жыў у вёсцы ці ў малых гарадах, цяжка ўявіць тамтэйшае жыццё: праца, гаспадарка, штодзённыя клопаты і амаль ніякіх забаў, акрамя тэлевізара і камп’ютара. Спектаклі народнага тэатра для такіх мясцовасцяў — сапраўдная падзея. Не ўсе ж могуць дабрацца да сталіцы ці хоць абласных цэнтраў, дзе працуюць прафесійныя трупы. А тут і акцёры да болю знаёмыя, і п’есы зразумелыя, і квіткі танныя.

Сёння ў Беларусі дзейнічае больш за тры тысячы тэатральна-драматычных калектываў розных напрамкаў. Яны працуюць пры дамах культуры, клубах, навучальных установах. Працуюць на грамадскіх пачатках. Акцёры не атрымліваюць зарплату — толькі эмоцыі і падзякі шчырых гледачоў. І, відаць, ім хапае гэтага з лішкам, бо, як прызнаюцца кіраўнікі такіх тэатраў, праблем з мясцовымі артыстамі няма — проста паломніцтва!

Даводзілася размаўляць з артыстамі аматарскіх тэатраў, якія ў звычайным жыцці — эканамісты, інжынеры, настаўнікі, прадаўцы і пенсіянеры. Хтосьці калісьці іграў на балалайцы, спяваў у школьным хоры, танцаваў у студэнцкім ансамблі, ладзіў канцэрты ў арміі. А хтосьці і зусім ніколі не меў дачынення да мастацтва, але раптам адчуў прагу да высокага і вырашыў паспрабаваць свае акцёрскія здольнасці. Гісторыі розныя — захапленне адно. І яно заслугоўвае павагі — працуючы ў іншых месцах, людзі паспяваюць хадзіць на рэпетыцыі і, як сапраўдныя акцёры, аддаюць душу сваім гледачам. Не гонячыся ні за прэміямі, ні за кар’ерным ростам, артысты-непрафесіяналы іграюць так, як умеюць: шчыра, проста і па-народнаму.

Мясцовая публіка шануе сваіх артыстаў і з радасцю чакае прэм’ер. Як прызнаюцца кіраўнікі народных тэатраў, больш цяжка сабраць залу на зорак эстрады, чым на іх спектаклі. Можа, жартуюць. Можа, і праўда. Там зорка з тэлевізара, а тут Маня з бухгалтэрыі альбо Віцёк-шафёр.

Канешне, публіка народных тэатраў вельмі разнашэрсная. Далёка не кожнаму гледачу цікавы Шэкспір альбо Астроўскі. І рэжысёрам прыходзіцца нямала думаць над рэпертуарам, старацца, каб чарговы спектакль “зайшоў” і работніку культуры, і звычайнаму рабацягу. Але і простых шляхоў яны не шукаюць — пачынаючы з лёгкіх п’ес пераходзяць на больш складаныя, паступова развіваючыся самі і выхоўваючы сваю публіку. Вось, да прыкладу, у афішы сёлетняга фестывалю ў Беразіно заяўлены і спектакль па п’есе нашага земляка Аляксея Дударава “Вечар” пра паміранне вёскі, і камедыя “Гульня інтарэсаў” па творы іспанца Хасінта Бенавентэ-і-Марцінеса пра грамадскія тыпы, і сусветна вядомая п’еса сучаснага ірландскага драматурга Марціна Макдонаха “Каралева прыгажосці” пра ўбогае існаванне маці і дачкі. Не дзіва, што нават прафесійныя акцёры і рэжысёры, якія сядзяць у журы фестывалю, не баяцца называць дзейнасць аматарскіх тэатраў высокім мастацтвам, ацэньваючы і таленавітых акцёраў, і цікавыя рэжысёрскія рашэнні, і актуальныя тэмы.

Вядома, каб паставіць падобныя спектаклі, аматарскім калектывам прыходзіцца выкручвацца. Адкуль народнаму тэатру ўзяць грошы на рэквізіт, касцюмы, дэкарацыі? Штосьці робяць самі ж артысты, штосьці набываецца за грошы, атрыманыя за квіткі. Памятаю, што сказаў мне на гэты конт рэжысёр заслужанага аматарскага “Тэатра Уршулі Радзівіл” Нясвіжскага РЦК Яўген Валабоеў: “Калі вы ідзяце ў краму, то ведаеце, колькі грошай у вашай кішэні. З гэтага і зыходзіце. Пры жаданні можна нават Гамлета сыграць на адной табурэтцы. Але трэба выкласціся так, каб глядач ахнуў!” Гамлета на адной табурэтцы! Вось вам і самадзейнасць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Автор публикации:
Людмила МИНКЕВИЧ

Комментарии и уведомления в настоящее время закрыты..

Комментарии закрыты.